Чуванне па ахвярах злачынстваў на глебе нянавісці адбылося на Трафальгарскай плошчы ў самым цэнтры Лондана ў суботу ўвечары. На чуванне сабралася каля 10.000 чалавек.
Нагодай для яго сталі два нядаўнія трагічныя выпадкі, якія скалыхнулі ЛГБТ супольнасць у Брытаніі. На Трафальгарскай плошчы ўвечары 25 верасня быў збіты і памёр ад цялесных пашкоджанняў 62-гадовы Іан Бэйнам. Паліцыя пераканана, што злачынства было ўчынена на глебе нянавісці, бо сведкі сцвярджаюць, што дзве дзяўчыны і хлопец, якія збівалі ахвяру, крычалі гамафобскія фразы. Праз некалькі дзён пасля таго ў Ліверпулі быў жорствка збіты Джэймс Паркс, курсант-паліцэйскі, калі выходзіў з гей-паба.
Удзельнікі чування выклалі са свечак "Не нянавісці". Былі таксама выступы актывістаў, успаміны сваякоў і сяброў Іана Бэйнама і дзве хвіліны маўчання. Прысутнічала жонка прэм'ер-міністра, якая пераказала пасланне Горадана Браўна з нагоды трагічных падзей.
За апошнія 9 месяцаў колькасць заяваў аб злачынствах на глебе нянавісці ў Лондане перавысіла колькасць такіх заяваў за ўвесь мінулы год на адну пятую.
Адзін за адным арганізатары чування заклікалі прысутных не маўчаць, калі яны былі ахвярамі нянавісці. Тое самае паўтаралі ўсе выступоўцы ад палітычных партый.
Але галоўнай тэмай выступаў былі жыццё і смерць Іана Бэйнама. Выступоўцы казалі, што Іан рос у грамадстве, дзе праўду пра сэксуальнасць даводзілася хаваць. Ён, аднак, вырас дасціпным чалавекам і ніколі не маўчаў, калі бачыў гамафобскія паводзіны. Ён пражыў з партнёрам 20 гадоў, быў прыветлівым чалавекам, але зусім не ўмеў гатаваць. У лісце да ўдзельнікаў чування сястра Іана, Джэні, напісала, што ейны брат быў чалавекам высокіх маральных якасцяў і што "абсалютна трагічна, што яго жыццё закончылася такім чынам на вуліцах горада, які ён так любіў". Сяброўка Іана, Дыяна Тэйлар, сказала: "Я ведала Іана - і цяжка было б знайсці больш добрага і шчодрага чалавека."
Адзін з удзельнікаў чування, Шон Ньюпарт, сказаў карэспандэнту Бі-Бі-Сі: "Лесбіянкі, геі і трансгендэры больш упэўнена і адкрыта паказваюць свае пачуцці і адносіны - трымаюцца за рукі, цалуюцца на прыпынку ці проста трымаюць адзін другога ў абдымках на вуліцы. Гэта, безумоўна, робіць нас больш бачнымі, а з тым прыходзіць, нажаль, таксама антаганізм." Ён дадаў, што геі часта аказваюцца перад дылемаў, што рабіць, калі яны - ахвяра фізічнага гвалту ці вербальнага прыніжэньня: "Можна схіліць галаву і пайсці прэч, а можно сказаць, што такія рэчы - непрымальныя. Гэта залежыць ад сітуацыі і наколькі ты сам адчуваеш сябе ўпэўнена."
На фоне выступаў пра тое, што свет змяніўся да лепшага і геі сталі часцей узвышаць свой голас за ўласныя правы, а паліцыя здольная іх абараніць, вядоўца чування, папулярная радыё сатырыст Сандзі Токсвіг нагадала сумную статыстыку: толькі 1% выпадкаў гамафобнага гвалту завяршаецца крымінальным пакараннем у Брытаніі.